Нападаючы "Юнацтва" Аляксандр Когалеў расказаў пра шанцы вярнуцца ў КХЛ і ўзровень хакейнага турніру на будучай Алімпіядзе ў Пхёнчхане.

— Аляксандр, як на ваш погляд, складваецца выступленне «Юнацтва» ў гэтым сезоне?

— Наша каманда выглядае нядрэнна. У чэмпіянаце Беларусі абыгралі моцныя клубы — «Нёман», «Гомель». Сур'ёзна дапамагаюць варатары, нядрэнна гуляем у большасці і галоў забіваем дастаткова. Перад выступленнем у Кантынентальным кубку ўзмоцнена папрацавалі над фізічнай падрыхтоўкай, правялі тактычныя заняткі. У гэтым турніры перад намі стаіць максімальная задача — выйграваць кожны матч.

— Сваёй гульнёй задаволеныя?

— Нельга сказаць адназначна, быццам бы ўсё нармальна, але хацелася б лепш гуляць у абароне.

— Ці можна сказаць, што «Юнацтва» для вас родная каманда?

— Так, я выхаванец менавіта гэтага клуба. Прайшоў школу «Юнацтва», потым гуляў у «Юніёры», тры гады выступаў у МХЛ, пасля чаго прыйшоў у першую каманду, трэніраваўся з ёй усю перадсезонку, але потым (у 2015 годзе) мяне адправілі ў «Віцебск». Там атрымаў шмат гульнявога часу, што дазволіла без праблем перайсці з маладзёжнага ў дарослы хакей. Гэтыя паўгода далі мне шмат, выдатна разумеў, што ў «Юнацтве» ў той час не выходзіў бы на лёд так часта. Калі вярнуўся ў Мінск, паказаў сябе нядрэнна, таму затрымаўся ў камандзе.

— Ваш галоўны трэнер Міхаіл Захараў славіцца сваім няпростым характарам...

— Я б не сказаў, што ён неяк асабліва праяўляецца на трэніроўках, у нас нармальная, рабочая атмасфера ў камандзе. Вядома, ён, як і кожны амбіцыйны настаўнік, які ставіць перад сабой і камандай высокія мэты, патрабуе ад нас стапрацэнтнай аддачы.

— Ваша прозвішча неяк гучала ў яго публічнай крытыцы.

— Я нармальна да гэтага стаўлюся, асабліва, калі крытыка абгрунтаваная.

— У гэтым сезоне вы прымяралі форму мінскага «Дынама».

— Так, у мяне быў праглядальны кантракт, па якім мог згуляць максімум тры матчы за гэтую каманду. Іх і адыграў. Адзначыўся адным голам, вядома, запомніў яго і забраў першую шайбу ў КХЛ сабе ў калекцыю. Калі казаць пра розніцу ў трэніроўках, то не змог адчуць, як праходзіць працоўны працэс у «Дынама» ў поўнай меры, таму што трапіў туды, калі гульні ў каманды былі праз дзень. Гэта значыць, заняткі ў гэты час насілі больш разгрузачны і аднаўленчы характар. Але зразумеў, што трэніроўкі ў «зуброў» праходзяць досыць інтэнсіўна.

— Ці паспелі адчуць атмасферу КХЛ?

— Вядома, гэты турнір адрозніваецца ад чэмпіянату Беларусі, ён зусім іншы. Вышэйшы ўзровень камандаў, вялікая цікавасць гледачоў, антураж вакол. Разумеючы ўсё гэта, у дэбютным матчы хваляваўся, але праз пару змен хваляванне знікла. На гульні «Юнацтва» ў плэй-оф супраць «Шахцёра» і «Нёмана», у прынцыпе, таксама збіралася па 5—6 тысяч балельшчыкаў, такая падтрымка мне толькі дапамагае, а не наадварот.

— Ці хацелі б вярнуцца ў КХЛ?

— Так, у прынцыпе, там мне ўсё спадабалася. Я быў знаёмы практычна з усімі гульцамі па выступленнях за зборную, таму хутка ўліўся ў калектыў. Пакуль «Юнацтва» і «Дынама» не змаглі дамовіцца аб маім пераходзе.

— Як і любы хакеіст, марыце трапіць у НХЛ?

— Вядома, такая мара ёсць, але пакуль хацелася б зайграць у КХЛ, а потым ужо рухацца далей.

— У маі на чэмпіянаце свету ў Францыі вы дэбютавалі ў нацыянальнай камандзе.

— Вельмі рады быў аказацца там. Гульні за зборную па ўзроўні, мне здаецца, дзесьці супастаўныя з гульнямі ў КХЛ. У Дэйва Льюіса, вядома, паўночнаамерыканскі падыход да трэніровак, для мяне гэта не стала праблемай, хутка адаптаваўся. Калі ўспамінаць чэмпіянат свету, то можна вылучыць і станоўчыя, і адмоўныя моманты. Хацелася б, каб наша каманда гуляла лепш і выйгравала часцей, праходзіла ў плэй-оф. Што да ўласнай гульні — не асабліва задаволены ёю, мог бы згуляць і лепш.

— Праз тры месяцы ў Пхёнчхане стартуе Алімпіяда, у каторы раз запар яна пройдзе без удзелу беларускай зборнай. У чым прычына?

— У зборнай Славеніі (смяецца). Калі сур'ёзна, то наша праблема, вядома, заключаецца не ў той кваліфікацыі да Алімпійскіх гульняў, яна напэўна, значна шырэйшая. Мне складана разважаць на гэтую тэму, адзінае, што магу сказаць, павышэнне ўзроўню гульні, рост нацыянальнай зборнай не можа адбыцца за год-два. Шмат хто кажа, што праблемы ідуць з дзіцяча-юнацкага хакея, напэўна, я таксама з гэтым пагаджуся. У той жа Расіі ці Канадзе значна больш каткоў і дзяцей, ды і падыход да трэніровак іншы — прафесійны з самага дзяцінства. Ён жа потым пераходзіць і ў дарослы хакей, каго як навучылі, той так і гуляе. У Беларусі таксама ёсць некалькі добрых школ, але, напэўна, пакуль іх мала.

— У Славеніі каткоў значна менш, чым у Беларусі, і людзей, якія займаюцца хакеем таксама...

— Тое, што Славенія выступіць на Алімпіядзе, а мы не — не сведчыць пра тое, што яе ўзровень нашмат вышэйшы за наш. Бо на чэмпіянатах свету мы выйграём у гэтай каманды. Славенцы ў вечным перамяшчэнні ад эліты ў лігу ніжэй, мы ўсё ж ужо шмат гадоў выступаем у вышэйшым дывізіёне. Нельга меркаваць па той адной прайгранай сустрэчы. Я бачыў гэты матч толькі па тэлевізары, але магу сказаць, што там была роўная барацьба, і памятаю, што вынік вырашыўся толькі па булітах.

— Паколькі высокіх вынікаў нашы хакеісты апошнім часам не паказваюць, у людзей узнікае пытанне, за што гульцы атрымліваюць дастаткова вялікія грошы?

— Магу адказаць толькі за сябе, я не атрымліваю велізарных грошай, у чэмпіянаце Беларусі іх проста няма.

— Раскажыце, як звычайна праходзіць дзень хакеіста «Юнацтва»?

— У 9.30 пачынаецца трэніроўка — дрыблінг, у 10 мы пачынаем размінку, у 11 выходзім на лёд, потым пераходзім займацца ў залу і ў рэшце рэшт — абедаем. У міжсезонне звычайна праводзім па дзве трэніроўкі ў дзень. Калі гэта выхадны, то магу правесці яго дома, а магу сустрэцца з сябрамі, схадзіць у кіно з сваёй дзяўчынай, вельмі люблю гуляць у футбол.

— Якая музыка звычайна гучыць у раздзявальні «Юнацтва»?

— Святлана Лабада, ведаеце такую? Яна практычна ўсім нам падабаецца.

— Пра што вы марыце ў хакеі?

— Разам са зборнай трапіць на Алімпійскія гульні. Выдатна было б, каб на гэтым турніры змаглі сабрацца наймацнейшыя хакеісты свету. Новаўвядзенне НХЛ, па якім гульцам забаронены ўдзел у Гульнях, вядома, моцна панізіць узровень гэтага турніру, ды і відовішчнасць таксама, Алімпіяда будзе ўжо не тая.

— Каго б вы назвалі найлепшым гульцом у гісторыі беларускага хакея?

— Руслана Салея. Вельмі добры абаронца, капітан. Я з ім не гуляў, не быў знаёмы, але ўсе хлопцы кажуць, што і чалавек ён быў вельмі добры», - цытуе Когалева zviazda.by.