У кастрычніку кампанія Velcome распачала адукацыйны праект «Чытаем па-беларуску з velcom», які паспяхова прайшоў у мінскіх школах, паведамляе афіцыйны сайт жлобінскага «Металурга».
Але Беларусь – гэта не толькі Мінск, таму сёлета асветніцкая ініцытыва па папулярызацыі беларускай мовы і літаратуры ахопіць 25 школ у кожнай вобласці краіны!
Першыя рэгіянальныя ўрокі для малодшых школьнікаў арганізаваны на Гомельшчыне. 19 красавіка ўрокі праекта прайшлі ў Брагіне і Рэчыцы, а з 20 па 22 красавіка 9 займальных заняткаў прымаў Гомель. 3 траўня чарга дайшла да Жлобіна.
Разам з прадстаўнікамі кампаніі Velcome, а таксама пісьменнікамі Раісай Баравіковай і Уладзімірам Ліпскім да дзяцей завіталі прэс-сакратары ХК «Металург», якія паразмаўлялі са школьнікамі пра неабходнасць выкарыстання беларускай мовы ў паўсядзённым жыцці і прадэманстравалі, як хакей можа гучаць па-беларуску.
Галоўная задача сацыяльнага адукацыйнага праекта «Чытаем па-беларуску з velcom» – падтрымаць і развіць цікавасць да беларускай мовы і літаратуры ў малодшых школьнікаў. Ініцыятарам праекта выступіла кампанія velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
- Мы вельмі рады, што праект «Чытаем па-беларуску з velcom» аб’яднаў вакол сябе як творчых людзей, так і спартыўную супольнасць, – падкрэсліў кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый velcom Вячаслаў Смірноў.– Усё пачалося з таго, што ў Мінску праект падтрымаў баскетбольны клуб «Цмокі-Мінск». Для дзяцей вельмі важныя сустрэчы з камандамі, якія прадстаўляюць іх родныя гарады і неабыякавыя да роднай мовы і літаратуры.
Прэс-сакратар ХК «Металург» Іван Грунтоў пракаментаваў: «Хакейны клуб «Металург» імкнецца падтрымліваць усе добрыя ініцыятывы. У клуба ёсць вызначаная папулярнасць і за кошт яе можна прыцягваць увагу да канкрэтных пытанняў, як у нашым выпадку да беларускай мовы. «Чытаем па-беларуску з velcom» вельмі патрэбны для краіны праект, таму што, нават калі з 30 дзяцей 2 прасякнуліся атмасферай і ведамі, вынесенымі з уроку – гэта ўжо велізарны ўклад. А дзякуючы таму, што гэты адукацыйны праект ахопіць усю Беларусь, зацікаўленых роднай мовай дзяцей стане нашмат больш».
Працяг адукацыйнага праекта плануецца напачатку новага навучальнага года і пачнецца са школ Брэста і Брэсцкай вобласці. У агульнай колькасці 150 школ і больш за 15 000 вучняў па ўсёй Беларусі прымуць удзел у сацыяльнай адукацыйнай ініцыятыве «Чытаем па-беларуску з velcom».