Хутка гродзенскі «Нёман» другі раз у гісторыі стартуе ў хакейнай Лізе Чэмпіёнаў, перадае hrodna.life.
У лік 48 фан-амбасадараў, якія будуць прадстаўляць свае гарады і каманды ў Еўрапейскім турніры, увайшлі два гродзенцы: Андрэй Цiплашэвiч і Дзмітрый Герасімчык.
Быць фан-амбасадарам у Лізе Чэмпіёнаў гэта магчымасць паглядзець на хакей і гульцоў іншымі вачыма, бо ў прадстаўнікоў гарадоў будзе магчымасць здзейсніць «тур за кулісы матча» і пагутарыць з лепшымі гульцамі сустрэч. Акрамя гэтага, задача ў фан-амбасадара няпростая — ён павінен наведаць усе матчы сваёй каманды ў ЛЧ на хатняй арэне і пры гэтым рабіць фота і відэа справаздачы ў сацыяльных сетках.
«Быць прадстаўніком ад Гродна — вельмі прыемна, нават трохі падымаецца самаацэнка, хай гэта і не праца, а, фактычна, захапленне, — распавядае фан-амбасадар ад Гродна Дзмітрый. — Разумееш, што чагосьці варты і можаш прыносіць карысць. У дадзеным выпадку — роднаму гораду, гродзенцам: рэклама, піяр родных мясцін і аповяд пра мясцовых жыхароў і ў тым ліку аб беларускім хакеі, аб гродзенскім клубе — лепшым у Беларусі не толькі па гульні, але і па атмасферы ўнутры і вакол яго».
Для Дзмітрыя гэта таксама магчымасць дзелавых і нефармальных зносін, у тым ліку на замежных мовах. Дзмітрый размаўляе на нямецкай і англійскай, трошкі разумее польскую. Ён перакананы, што веданне моў адкрывае цалкам іншыя магчымасці пры атрыманні інфармацыі ці наладжванні кантактаў.
Яшчэ да таго як Дзмітрыя абралі амбасадарам, ён ужо планаваў арганізаваць выезд на матчы ХЛЧ гродзенскіх заўзятараў. А таксама думаў як прыёмаць замежных заўзятараў у Гродне. Цяпер у яго з’явілася шмат новых планаў і задач, над якімі ён ужо пачынае працаваць.
Усім фан-амбасадарам вышлюць інструкцыю па працы, яны атрымаюць па 2 квіткі на кожны хатні матч, спецыяльны хакейны світэр, а таксама магчымасць браць інтэрв’ю ў хакеістаў. Лепшыя фанаты ХЛЧ атрымаюць 2 квіткі на фінал Лігі, а таксама бясплатныя авіябілеты і пражыванне.
Другі фан-амбасадар ад Гродна Андрэй Цiплашэвiч таксама ўжо рыхтуецца да маючых адбыцца матчаў Лігі Чэмпіёнаў. У хлопца таксама шмат планаў і ідэй, якія ён плануе рэалізаваць падчас хатніх матчаў «Нёмана» у ЛЧ.
«Я хачу, каб пра наш горад, пра нашу каманду і пра нашых заўзятараў ведалі ў іншых краінах. З дапамогай сацыяльных сетак і інтэрнэту гэтага лёгка дамагчыся, а будучы фан-амбасадарам — яшчэ прасцей.
Бліжэйшыя планы? Хачу адрадзіць некалі створаную мной групу ў Вконтакте для распаўсюджвання інфармацыі. У бліжэйшы час паспрабую пасябраваць з фэйсбукам і яго тонкасцямі, каб мець зносіны не толькі з рускамоўнай аўдыторыяй. Наогул, я не ганюся за гэтымі прызамі, якія прапануе ЛЧ лепшаму фан-амбасадару, проста хачу праверыць сябе, свае сілы і магчымасці. Хачу падзяліцца з людзьмі сваім і чужым меркаваннем. Хачу прапаноўваць людзям больш фота і відэа з заўзятарамі, у прыватнасці з фан-клубам».