Галкіпер «Дынама-Мінск» Ларс Хаўген адказаў на пытанні «Лясной газеты».

- Ларс, ты ўжо даўно знаходзішся у нашай краіне, ці паспеў вывучыць колькі беларускіх слоў?

- Мне хапае турбот з вывучэннем рускай мовы (смяецца). Адзін з нашых гульцоў, Алег Гарошка, няблага ведаў беларускую мову і нават спрабаваў навучыць мяне, але з мяне, як бачыце, атрымаўся дрэнны вучань… Для мяне, нарвежца, беларуская мова на слых гучыць вельмі меладычна і падобна на рускую.

- Як ты звычайна бавіш тут свой вольны час?

- Я вельмі люблю наведваць розныя рэстараны і кафэ. У Мінску іх шмат — на любы густ. Дзякуючы гэтаму я змог паспрабаваць розныя беларускія стравы, якія прыйшліся мне даспадобы. У вольны час люблю гатаваць, асабліва нашы нацыянальныя стравы з рыбы. Дарэчы, у вашых крамах прадаецца вельмі неблагі нарвежскі ласось, які я выкарыстоўваю і лічу самай смачнай рыбай у свеце.

- У Мінску яшчэ шмат казіно і розных забаўляльных клубаў. Ці спрабаваў ты гуляць не толькі на лёдзе, але і за суконным сталом?

- Я ведаю пра гэта, але прынцыпова не заходжу ў месцы такого кшталту. Справа ў тым, што ўлетку я наведаў Лас-Вегас і, зразумела, не абышлося без самай галоўнай славутасці гэтага гораду — казіно. Я трошкі пагуляў у покер, але толькі прайграў грошы. Больш не цягне спрабаваць.

- Якое ўражанне ў цябе склалася ад беларусаў?

- Вы мне сапраўды падабаецеся. Беларусы — вельмі пазітыўныя і ветлівыя. І, як і ўсе паўночныя людзі, мы з вамі шмат у чым падобныя па характары.

- Твая сям’я ўжо наведвала цябе тут?

- Так, яны нядаўна былі ў Мінску: спецыяльна прыехалі, каб падтрымаць нашу каманду. На працягу пяці дзён я паказваў бацькам сталіцу, дзе яны ніколі яшчэ не былі. Ім усё вельмі спадабалася, асабліва ўразілі незвычайная форма будынка Нацыянальнай бібілятэкі і вячэрні Мінск, які мае такую прыгожую ілюмінацыю.

Твая дзяўчына засталася ў Нарвегіі. Ці не страшна ёй было адпускаць цябе надоўга ў краіну, якая славіцца прыгожымі жанчынамі?

- Самае галоўнае, што мы давяраем адзін аднаму. Для кожнага з нас вельмі важна тое, чым мы займаемся ў прафесійнай сферы. Пакуль мы не зусім гатовыя да стварэння сям’і, але калі гэты час надыдзе, будзем нешта вырашаць: альбо яна пераедзе да мяне ў Мінск, альбо я знайду сабе іншы варыянт працы ў Нар- вегіі. Зараз у нас добрае жыццё, мы шчаслівы і шмат грошай трацім на тэлефонныя размовы.

- Ларс, а што твае суайчыннікі навогул ведаюць пра Беларусь і яе жыхароў?

- Звычайныя нарвежцы, на жаль, нічога не ведаюць пра вашу краіну — для іх яна асацыіруецца з Расіяй ці СССР. Таму вельмі добра, што вы будзеце праводзіць чэмпіянат свету па хакеі — 2014. Дзякуючы яму людзі ва ўсім свеце даведаюцца больш пра Беларусь. Калі я вяртаюся дадому, шмат хто пытае ў мяне, як мне тут жывецца. І я вельмі рады, што ў мяне ёсць такая магчымасць расказаць як мага большай колькасці сваіх суайчыннікаў, якая цудоўная краіна Беларусь. Звычайна я кажу: «Прыязджайце і ўсё пабачыце на свае вочы». Шмат хто ўжо пакуе чамаданы (усміхаецца).

- Паколькі ты з’яўляешся членам нацыянальнай зборнай Нарвегіі, а гуляеш у Мінску, табе нават не прыйдзецца нікуды ехаць на чэмпіянат у маі.

- Так, буду стаяць у аэрапорце з вялікім нарвежскім флагам і вітаць прыезджых нарвежцаў.

- Як ты ацэньваеш шансы сваёй зборнай на чэмпіянаце?

- Спачатку трэба яшчэ выступіць на Алімпіядзе ў Сочы. Вось такі сур’ёзны старт перад чэмпіянатам свету. Але мяркую, мы выступім лепш, чым у мінулым годзе, калі згулялі не так добра, як планавалі. Нам пакуль цяжка мерацца сіламі з такімі хакейнымі славутасцямі, як Швецыя ці Канада.

- Талісманам чэмпіянату абраны зубр Волат, як ён табе?

- Вельмі круты і я бачу яго паўсюль, нават на аздабленнях для навагодняй ёлкі.

- А жывых зуброў бачыў?

- На жаль, не. Але ў маіх планах наведаць Белавежскую пушчу. Дарэчы, па Беларусі я шмат павандраваў, калі гуляў яшчэ ў Салігорску. Памятаю, ездзілі ў Магілёў, Брэст, Гродна. Нягледзячы на тое, што тут няма гор ды фіёрдаў, ваша прырода чымсьці падобная на нашу. Таксама сцюдзёна ўзімку і вельмі шмат лясоў: толькі выязджаеш з горада — і адразу адкрываюцца захапляючыя краявіды. Таму па Нарвегіі я тут не надта сумую. Я — звычайнае гарадское дзіцё: нарадзіўся ў Осла, але мае бацькі з маленькіх гарадкоў, дзе шмат лясоў і цудоўная прырода. Мне падабаецца, што ў нас вельмі распаўсюджаны драўляныя дамы, якія экалагічныя і карысныя для здароўя чалавека. Мой дзед, дарэчы, быў лесарубам, і калі ў нас будавалі чыгунку, яму трэба было валіць шмат дрэў.

- Наколькі мне вядома, рыбная лоўля — адзін з самых любімых заняткаў нарвежскіх мужчын.

- Так, а яшчэ паляванне. Сам я ніколі не паляваў, бо мы з бацькам заўзятыя рыбакі. Вось мару паехаць на поўнач Нарвегіі, дзе столькі рыбы, асабліва ласося, што рыбаку нават можна не прыкладаць асаблівых намаганняў, каб вылавіць велічэзную рыбіну!

- Але Нарвегію яшчэ часта клічуць краінай троляў.

- Сапраўды, у нас на кожным кроку з імі сустракаешся. Іх выявы стаяць у парках і каля дамоў. З самага дзяцінства, калі мы едзем да майго дзядулі, я заўсёды, нават цяпер, прашу сваіх бацькоў спыніць машыну каля знакамітага Парка троляў, каб палюбавацца імі. Вялікія і маленькія, добрыя і злыя тролі з каменя ці дрэва сустракаюць вас там. Да гэтых міфічных істотаў мы адносімся сур’ёзна. Тое, што я скажу зараз, у многіх выкліча ўсмешку, але я, як і многія нарвежцы, сапраўды веру ў іх існаванне. Ад сваіх знаёмых і родных я чуў шмат гісторый пра сустрэчу людзей з імі. У нашай міфалогіі тролі — гэта жахлівыя істоты, якіх можна ўбачыць у глухім лесе ці ў гарах. Звычайна яны не вельмі добра ставяцца да чалавека і могуць яму моцна нашкодзіць, нават забіць. Іх вобраз досыць распаўсюджаны і ў сучаснай культуры Нарвегіі часта сустракаецца ў мультфільмах і кінастужках. Мой дзед, напрыклад, намаляваў выяву троляў у сталовай свайго дома, і яе мы клічам не іначай, як пакой троляў.

- Калі варатар дрэнна выконвае свае абавязкі і прапускае адну шайбу за адной, нашы фанаты звычайна абяцаюць зрабіць з яго мыла. А чым пагражаюць нарвежскія фанаты варатарам?

- Ну, звычайна проста крычаць: «Вон з клуба!» А так у нас распаўсюджаны выраз «прапусціць варатара праз друшляк».

 -У ХК «Дынама-Мінск» шмат заўзятараў, яны нават дораць сваім любімым гульцам розныя падарункі.

- Так, я вельмі ўражаны імі, шчыра кажучы, яшчэ ніколі я не бачыў такіх адданых фанаў. Пасля кожнай гульні, нават калі мы прайгралі, я атрымліваю розныя падарункі — малюнкі, шакаладкі ад дзяцей і дарослых. Гэта так кранальна! І мы будзем імкнуцца выкладвацца на лёдзе, бо нашы фаны гэта заслужылі!



Комментировать

Вам нужно , чтобы вы могли комментировать