– Як Вы ацэньваеце ўзровень нашага чэмпіянату пасьля доўгатрывалай адсутнасьці на беларускай зямлі?

– Канешне ў расейскай Супэрлізе хуткасьці больш вялікія, хлопцы гуляюць з большым узроўнем майстэрства, але ж чэмпіянат вельмі цікавы! Вы паглядзіце, зараз толькі “Керамін” адарваўся, а калі сустракаюцца дзьве каманды, якія займаюць з другога па дзесяты радок табліцы, наўрад ці хто зможа прадказаць вынік! Усе каманды падраўняліся і паказваюць неблагі хакей.

– А ў чым на Ваш погляд галоўная праблема цяперашняга “Дынама”?

– Галоўная праблема ў тым, што ў нас няма чатырох паўнавартасных зьвеньняў, таму й каманда гуляе нестабільна. Мы зьбіралі каманду практычна занава і таму нам патрэбен пэўны час, каб наладзіць гульню, адпрацаваць спалучэньні. Ёсьць у нас праблемы і з цэнтральнымі нападнікамі – у нас крайнія нападнікі вымушаныя гуляць на пазыцыі цэнтральных. Шмат часу мы даем маладым гульцам, а ім таксама трэба пэўны час, каб набыць вопыт і дэманстраваць тую гульню, якую ад іх чакаюць. Шчыра кажу, што пачатак сэзону мы правалілі яшчэ й з-за слабай гульні варатароў. Шмат памылак нашых галкіпэраў сталі чыньнікам нізкіх пазыцый “Дынама” на пачатку чэмпіянату. Але ж зараз пакрысе гульня стабілізуецца і мы пачынаем паказваць добры хакей.

– А што да галкіпэраў… Зараз у “Дынама” два раўнацэнных варатара, ці ўсё ж такі ёсьць першы нумар?

– Зараз мы зрабілі стаўку на Барысава. Я разьлічваў на тое, што пад час ягонай траўмы дастойнай заменай будзе Тартуноў, – насамрэч гэта вопытны і тытуляваны гулец – але ж на жаль ён не апраўдаў нашых спадзяваньняў.Наогул, можна казаць пра тое, што Барысаў зараз у нас ёсьць першым нумарам.

– З кім вам гуляць цяжэй за ўсё?

– Ды нам з усімі цяжка гуляць, з усімі цяжка матчы праходзяць. Тут ведаеце ў чым яшчэ справа, ёсьць вялікая праблема ў псыхалягічным пляне. Усе ведаюць, што “Дынама” – чэмпіён і ўсе наладжваюцца на “Дынама” адпаведным чынам. А далёка ня ўсім нашым хлапцам па сілах такі цяжар адказнасьці. Яны яшчэ ўчора былі на другіх ролях, а ўжо сёньня сталі лідэрамі каманды і пакуль што не ўсе да гэтага звыклі.

– Шмат каманд зараз праходзіць праз амаладжэньне. Ці можна казаць пра тое, што гэты працэс ідзе ў “Дынама” бязбольна?

— Мы вельмі давяраем маладым. Зразумейце мяне правільна, але ж мы ня маем іншых гульцоў і ня маем часу каб даць магчымасьць маладым вырасьці! У выніку бачна, што ім не хапае майстэрства і мабыць таму мы недабіраем ачкоў у чэмпіянаце, якія пры іншых умовах маглі б узяць. На жаль, калі шмат маладых гульцоў у камандзе – няма стабільнасьці.

– Некаторыя кажуць пра Андрэя Сідарэнку, як пра так званага “крызыснага мэнэджэра”. Ці так гэта?

– Ёсьць такое… Кажуць пра гэта… Мабыць усе каманды ў якіх мне даводзілася працаваць прыходзілася падымаць, выводзіць з цяжкога стану. Зараз таксама ёсьць адна прапанова з Супэрлігі, ізноў клічуць падымаць. Але ж неяк я ўжо стаміўся ад гэтага… Канешне хацелася б каб каманда была ўжо гатовая, сфарміраваная, каб можна было зь ёй працаваць на іншым узроўні, каб можна было рэалізаваць шмат чаго са сваіх ідэй. Але працаваць даводзіцца з тымі, з кім даводзіцца працаваць і далёка ня ў тых умовах, якія б хацеў стварыць дзеля сябе. Цяжка гэта, шмат на гэта часу патрэбна, але ж гэта мая праца і яна мне падабаецца.

– А з польскай фэдэрацыяй у Вас засталіся кантакты?

– Ёсьць кантакты – тэлефануем, размаўляем. Усё нармалёва!

– Да зборнай зноў ня клічуць?

– Пакуль што не. Яны ўзгадваюць пра мяне, што быў пры Сідарэнку парадак, дысцыпліна, але ж пытаньня пра зборную я пакуль што й сам не разглядаю. Вельмі люблю наведвацца туды ў госьці ці на адпачынак. Вядома ж што цікаўлюся тамтэйшым хакеям! Была мне адна прапанова з Польшчы, прапаноўвалі мне ўлетку ўзначаліць клюб з Новага Таргу, але ж я ад яе адмовіўся.

– Наш чэмпіянат мацнейшы за польскі?

– Шчыра кажучы, узровень польскага чэмпіянату крыху слабейшы за наш. Шмат якія з беларускіх каманд па ўзроўні параўнальныя з першымі камандамі расійскай Вышэйшай лігі, ці нават з апошнімі камандамі Супэрлігі.

– Нейкую канкрэтную задачу Вы ставіце перад сваімі падапечнымі на сэзон? Ці каманда проста гуляе кожны матч?

– Самае галоўнае – гэта набіраць ачкі ў кожнай гульні і замацоўваць сваё становішча ў васьмёрцы, каб гарантавана патрапіць да плэй-оф. Усё ж такі спадзяемся на тое, што мы станем больш моцнымі, што каманда будзе гуляць у болей якасны хакей. Ня сьлед забывацца й на тое, што па ходу чэмпіянату мы працягваем фармаваць калектыў.

– Ці ёсьць у вас зараз нейкія канкрэтныя варыянты на маючы хутка распачацца пэрыяд дазаявак?

– Мы маем канкрэтныя задачы. Перш за ўсё, як я ўжо казаў, нам трэба ўмацаваць цэнтральную вось. Акрамя таго ад нас зараз паедзе Георгій Пуяц. Яму прапанавалі кантракт у Супэрлізе. Я вельмі рады за хлопца, які перад сэзонам выявіўся нікому не патрэбны, а зараз яго заўважылі і прапанавалі добрую працу. Канешне прыемна, калі твайму хакеісту робяць такія прапановы, але ж зь іншага боку гэта аслабляе нашу абарону. Таму будзем зараз шукаць яшчэ й абаронцу. Будзем шукаць, будзем размаўляць…

– Канкрэтных імёнаў зараз Вы назваць ня можаце?

– Не, канкрэтных імёнаў я ня маю з той прычыны, што мы зараз разглядаем тыя ўмовы, на якія гатовыя пайсьці гульцы і тыя, якія мы зможам ім прапанаваць.

– Ці задавальняюць вас вэтэраны, якія засталіся ў “Дынама”?

– Нашы вэтэраны мне вельмі дапамагаюць. Я вельмі задаволены нашым капітанам Аляксандрам Журыкам. Ён дужа дапамагае мне ў працы з камандай і, сумленна кажучы, паболей бы такіх вэтэранаў, якія б маглі весьці за сабой і былі прыкладам для маладых.


Вам нужно , чтобы вы могли комментировать